Беларусь —гэта святое. Павел Севярынец. Зборнік турэмных малюнкаў, вершаў і выслоўяў Паўла Севярынца.
Ад аўтара:
«Беларусь у турме адчуваецца як страчаны рай.
Днямі да непрытомнасці згадваеш узгоркі на даляглядзе — быццам зямля дыхае. У памяці дрыжаць цені ад ліхтара на ходніках. Блішча срэбрастая плынь ракі, аж прымружваецца. Выклікаеш пах палявых кветак пад гарачым сонцам — нібы зёлкі заварваеш. Заплюшчыш вочы — і свецяцца абліччы мілых людзей.
Уначы — сніш беларускі лес з баравікамі ў дубровах альбо сям’ю за гарбатай на кухні ўдома.
Молішся — і Бог адчыняе сэрца вобразамі Беларусі.
Улетку 2021 года мая жонка Воля напісала ў турму ў Магілёў: атрымала ад мяне ліст. Трохгадовы сын расплакаўся: чаму матулі ліст ад таты ёсць, а яму няма?
Задумаўся. Не пісаў, бо сын быў малы. Але, аказалася, пачаў разумець.
І тады вырашыў: буду дасылаць майму Францішку малюнкі беларускіх храмаў, выслоўі і вершы, каб ён вучыўся чытаць па-беларуску.
Так са слёзаў дзіцяці нарадзілася кніга.
З малюнкаў і выслоўяў Воля рабіла паштоўкі і календары ўсе наступныя гады.
А з вершамі атрымалася цяжэй. Пасля таго, як «Балада пра нябёсныя вочы» з’явілася ў сеціве на новы 2024 год, мае лісты з вершамі пачалі знікаць.
Давялося вучыць напісаныя вершы на памяць і раз на тыдзень паўтараць іх, каб не забыцца — бо я ведаў: усе запісы на выхадзе з турмы ў любы разе забяруць.
Уначы 13 снежня 2025 года забралі ўсё, да апошняга радка.
Калі з мяшком на галаве і без дакументаў вывезлі ва Украіну, а потым праз Польшчу ў Вільню, аднавіў на памяць вершы, сабраў усе раней дасланыя родным малюнкі і выслоўі ў адной кнізе: «Беларусь — гэта святое».
Бо і тут, за мяжой, Беларусь для нас — страчаны рай, у які мы імкнемся вяртацца.
У кожнага беларуса Польшчы, Літвы, Украіны, Амерыкі, Канады, Іспаніі, Францыі, Італіі, Нямеччыны і любой іншай краіны ў сэрцы — свой агменьчык святла. Цэлая знічкі. Святое.
Святое — аддзеленае Богам для жыцця вечнага. Веру, Беларусь будзе жыць у вечнасці. Вольнай і светлай.
І за гэта — дзякуй Госпаду Богу.
Ён нас вельмі і вельмі любіць — і хоча, каб святым было кожнае Ягонае дзіця».
Мова: беларуская.
Фармат: 24 х 17 см, цвёрдая вокладка.
Колькасць старонак: 104.
Вільня — Варшава, 2026.




Reviews
There are no reviews yet.